• 4
  • 5
  • 3
  • 2
  • 1

“Лясун і Ка”

Высокі інтэлект – абавязковае патрабаванне для сучаснага маладога чалавека, калі ён ставіць перад сабой амбіцыйныя задачы. У якой жа галіне працуе моладзь з самым шырокім дыяпазонам ведаў – гэта высвятлялі ўдзельнікі раённага турніру “Эрудыт”.

Прыемна, што сёлета 7 устаноў і арганізацый не засумняваліся ў канкурэнтаздольнасці сваіх маладых кадраў – і абсалютна ўсе пяцёркі дастойна змагаліся на інтэлектуальным рынгу. Арганізатары, якімі сталі райкам БРСМ і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, пастараліся падабраць пытанні з розных сфер.

Не толькі ведаў, а і хуткасці мыслення патрабаваў блок заданняў, у якіх трэба было знайсці агульнае слова ці паняцце, што аб’ядноўвае тры розныя малюнкі. І калі, напрыклад, ігральныя, банкаўскія і геаграфічныя карты ўсе каманды спалучылі без праблем, то дадумацца, што сімфанічны аркестр, аўтамабіль і касцюм-тройку яднае паняцце “класіка”, здолелі толькі самыя знаходлівыя.

Шмат аўдыё- і відэапытанняў было на веданне музыкі, кіно і тэлебачання, і тут фору іншым маглі даць культработнікі, якія, дарэчы, па выніках турніру атрымалі ад журы спецыяльны прыз за крэатыўнасць. А вось калі б вызначалася самая абаяльная каманда, то тут усе шансы былі б у пяцёркі райбальніцы з удалай назвай “Аптымісты”. Была на турніры і чыста мужчынская дружына выратавальнікаў, як заўсёды пацвердзілі сваю высокую марку газавікі.

А вось у блоках пытанняў, дзе прысутнічала геаграфічная і гістарычная тэматыка, бы рыбы ў вадзе, адчувалі сябе маладыя педагогі. Варта падкрэсліць, напрыклад, удалы дэбют капітана каманды Арэхаўскай школы Таццяны Бандарэнкі: хоць веды па інфарматыцы, якую яна выкладае, у гульні асабліва не спатрэбіліся, затое дарэчы былі агульныя, якія маладая мама папоўніла падчас нядаўняга дэкрэтнага водпуску, бо вылучала час на чытанне. Відавочна, што сябруюць з гэтым заняткам і яе калегі, аб чым і сведчыла “бронза” турніру.

Яркім аказаўся і яшчэ адзін дэбют – каманды з арыгінальнай назвай “Лясун і Ка” – нескладана дагадацца, што прадстаўляла яна Ушацкі лясгас. Капітан Андрэй Дзмітрыеў (ён жа – загадкавы Лясун) аказаўся дасведчаным не толькі ў бухгалтарскіх справах, якімі займаецца на прадпрыемстве, а і ў іншых сферах – з такім лідарам дружына лясгасаўцаў адразу дабралася да другога месца.

Ну а інтэлектуальнае першынство, як і летась, адстаяла каманда маладых настаўнікаў Ушацкай школы, якую упэўнена вядзе за сабой Уладзімір Хамёнак. А сярод самых запамінальных пытанняў яе ўдзельнікі назвалі тое, дзе трэба было адказаць, у якім горадзе Беларусі знаходзіцца адлюстраваны на фота мост. Хоць і шмат падарожнічаюць маладыя педагогі, ды пакуль яшчэ не пабывалі ў кожным куточку краіны, а таму па логіцы назвалі райцэнтр Масты – і трапілі ў “дзясятку”! Увогуле ж турнір даў усім новыя веды і ўражанні – за гэта мы і любім інтэлектуальныя паядынкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.