• 4
  • 5
  • 3
  • 2
  • 1

Раённы турыстычны злёт моладзі,

які прайшоў у мінулую суботу на жывапісным узбярэжжы возера Вечалле, аб’яднаў фізічна загартаваных, ініцыятыўных і артыстычных работнікаў чатырох арганізацый Ушаччыны, што не пасуюць перад цяжкасцямі і заўсёды гатовы абараніць гонар сваіх калектываў. Здавалася, нават надвор’е змяніла свае “погляды” і стала больш лагодным да аматараў баўлення вольнага часу на прыродзе.

З цёплым прывітальным словам да маладых турыстаў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, якая пажадала прадстаўнікам цэнтральнай раённай бальніцы, лясгаса, аддзелаў па адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўдалых стартаў і толькі пазітыўных эмоцый.

А пачаўся турзлёт з краязнаўчай віктарыны “Людзі. Падзеі. Факты Ушачы”. Пасля атрымання патанняў многія канкурсанты схапіліся за галаву. Прыгадаць дату з’яўлення на тэрыторыі раёна першага партызанскага атраду, назваць колькасць аэрадромаў, што дзейнічалі ў перыяд акупацыі, змаглі далёка не ўсе. У выйгрышы аказаліся педагогі: у сваёй рабоце ім часта даводзіцца выкарыстоўваюць падобную інфармацыю.

Наступны этап спаборніцтваў – і зноў прадказальны лідар. У конкурсе мастацкай самадзейнасці не было роўных культработнікам, якія падрыхтавалі яркую гумарыстычную сцэнку – з танцамі, прыпеўкамі пад гітару. Рамантычную атмасферу турыстычных паходаў стварылі на сцэнічнай пляцоўцы ўшацкія медыкі – паклапаціліся і пра вогнішча, і песні ля яго. Усіх павесяліў “Гімн пятай кропцы” ў выкананні педагогаў. Лясгасаўцы ж абралі “тэматычную” песню “В лесу родилась ёлочка”, чым таксама выклікалі прыхільнасць да сябе.

Самымі працяглымі і не менш азартнымі сталі спаборніцтвы па пляжным валейболе: каманды горача падтрымлівалі адзін аднаго, вылучаючы фаварытаў. Усе прадэманстравалі неблагую гульню, а перамогу святкавалі медыкі.

У пэўным сэнсе экстрэмальнай аказалася дэманстрацыя навыкаў па тэхніцы веласіпеднага турызму. Тут неабходна было не толькі пераадолець дыстанцыю з шэрагам “перашкод”, у тым ліку непрадугледжаных праграмай лужын, слізкай травы, але і мець спраўную тэхніку – лясгасаўцаў “адкінуў” ад лідарства ланцуг, што крыўдна зваліўся незадоўга да фінішу аднаго з удзельнікаў. У выніку перамога зноў дасталася медыкам, жалезныя коні якіх аказаліся абсалютна “здаровымі”.

Яркім этапам злёту стала праходжанне турыстычнай паласы перашкод. Каб адчуць на сабе хоць частачку той нагрузкі, якую вытрымліваюць турысты, на дыстанцыю выйшлі і мы. Вядома, у адрозненне ад удзельнікаў каманд пераадольвалі яе дзесьці зразаючы ці абмінаючы выпрабаванне. Турыстам жа трэба было хутка зарыентавацца ў лясным масіве, прайсці навясную пераправу, пераадолець бервяно і купіны, распаліць вогнішча з адной запалкі і іншае. І тут не было роўных педагогам, паколькі на паласу выйшлі адразу два вопытныя турысты Віталь Дзямідаў і Арцём Церашкавец. Прапусціўшы наперад таварышаў, вогнішчам яны займаліся ўдваіх, а потым жвава наганялі каманду. Дарэчы, названае выпрабаванне стала для ўдзельнікаў злёту адным з самых складаных. Так, культработнікі паскардзіліся на дрэнныя запалкі і ўвогуле не прайшлі этап. Доўга “чаравалі” над вышынёй полымя медыкі і лясгасаўцы. Апошнія, да слова, надзвычай хутка знаходзілі ў лесе паліва.

– Мы ж у сваім звычайным асяроддзі зараз знаходзімся – нічога дзіўнага! – смяяліся яны, падкідаючы ў вогнішча чарговую порцыю сухіх галін і шышак.

Па выніках усіх этапаў “золата” дасталася камандзе Ушацкай ЦРБ, “срэбра” і “бронза” – аддзелам па адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адпаведна.

– Вельмі прыемна, што калектывы арганізацый прадстаўляе такая актыўная, фізічна загартаваная і адказная моладзь. Мы ганарымся і шчыра жадаем, каб вашы энергія, ініцыятыва і творчы запал не згасалі ніколі, – ад імя арганізатараў і членаў журы адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котаў.

Дзень, праведзены на ўлонні прыроды, праляцеў непрыкметна. І хоць не ва ўсіх атрымалася выступіць удала, кожны адчуў прыліў новых сіл. Падмацаваць жа іх, астудзіцца пад гарачым сонейкам можна было ў гандлёвай кропцы райспажыўтаварыства, размешчанай непадалёк.

– Спартыўныя выпрабаванні прынеслі шмат задору і адрэналіну! Супакойвацца, праўда, не выпадае: трэба рыхтавацца да абласнога турыстычнага злёту, што пройдзе ў натупным годзе, – ад імя педагогаў раёна казала старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі Лідзія Шкаруба, якая прыйшла падтрымаць сваіх

Малайцы ўсе каманды, якія сабраліся на злёт. Шкада толькі, што было іх нямнога. Хацелася б, каб моладзь з нашых арганізацый і прадпрыемстваў актыўней прымала ўдзел у такіх спаборніцтвах, а кіраўнікі знаходзілі магчымасць падтрымаць іх ініцыятыву.